ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́

(каля 945 — 949 — 7.10.1003),

армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.

Тв.:

Рус. пер. — Книга скорбных песнопений. М., 1988.

А.Казінян.

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)